Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч” запрашае ў валанцёрскі летнік у Брэсцкай вобласці
12 июля 2019 в 11:02 88
Летнік “Zalesse summer camp” пройдзе ў вёсцы Залессе Камянецкага раёна з 5 па 11 жніўня, а быць яго удзельнікамі могуць хлопцы і дзяўчаты з Брэста і Брэсцкай вобласці.

Валанцёрскі летнік - гэта выдатная магчымасць правесці весела і з карысцю 7 летніх дзён. Калі ты хочаш пакінуць прыемныя ўспаміны пра гэта лета, палепшыць сваё веданне беларускай мовы, адпачыць ад горада, знайсці новых сяброў, натхніцца, прыдумаць ідэі для нечага новага, пракачаць скілы ў праектным мэнэджменце і проста цікава правесці час — далучайся!

qBhlJCh124w.jpg

Як усё будзе адбывацца?

На працягу тыдня удзельнікі будуць добраўпарадкоўваць тэрыторыю вакол Дома Еўрапейскіх сустрэч у вёсцы Залессе, дапамагаць у падрыхтоўцы інсталяцый да фестывалю Ulmus. Таксама у праграме выступленні крутых экспертаў, культурных дзеячаў і музыкаў, імёны якіх будуць абвешчаны пазней на старонцы летніка. Музычным хэдлайнерам летніка стане гурт РСП, які выступіць з акустычным канцэртам. Вас чакаюць майстар-класы, гульні, і, канешне, песні ля вогнішча. А трэнінг па праектным мэнэджменце дапаможа ўдзельнікам прыдумляць, пісьменна планаваць і эфектыўна рэалізоўваць крутыя ідэі ў сферы грамадскай дзейнасці.

Колькі гэта каштуе?

Удзел у летніку бясплатны. Трансфер з Берасця да Залесся, пражыванне і харчаванне забяспечваюць арганізатары.

Хто можа ўдзельнічаць?

Каб патрапіць на летнік, трэба быць авантурным, прыемным, разумным, крэатыўным і вясёлым чалавекам, які жыве ў Берасці або ў Берасцейскай вобласці. Узроставаыя абмежаванні ад 17 да 25 гадоў. Адбор удзельнікаў будзе адбывацца праз анкету-заяўку, якую трэба запоўніць да 28 ліпеня па спасылцы. Усяго ў летнік будзе запрошана 25 хлопцаў і дзяўчат.

FL_d-4aGh_4.jpg

У якіх умовах будзем жыць?

Будынак мае 4 вялікія спальныя пакоі для ўдзельнікаў. Ёсць 2 душа з гарачай вадой, 5 прыбіральняў. Паколькі яшчэ не ўсе будаўнічыя работы скончаны, няма ложкаў, спаць давядзецца на турыстычных дыванках і спальніках, якія забяспечваюць арганізатары. Для тых, хто любіць спаць на свежым паветры, будзе магчымасць раскласці намёт на тэрыторыі летніка.

Удзельнікі усіх папярэдніх летнікаў у Доме еўрапейскіх сустрэч маюць права ўдзельнічаць у летніку без папярэдняга адбору.

Я хачу паехаць. Што трэба рабіць?

Самае галоўнае, шчыра і максімальна падрабязна запоўніць анкету-заяўку. Апішыце, чаму, на вашу думку, вы самы лепшы кандыдат на ўдзел у гэтым летніку, які ўнёсак у агульную скарбонку пазітыўнага настрою і прыемных уражанняў вы можаце зрабіць. Граеце на гітары? – Цудоўна! Ведаеце цікавыя гульні? – Выдатна! Умееце падымаць настрой вясёлымі байкамі? – Падыходзіць! І не забывайце пра дэдлайн падачы заявак: 28 ліпеня. Вынікі адбору ўдзельнікаў стануць вядомыя 1 жніўня.

Больш падрабязная інфармацыя тут.

Дадатковую інфармацыю можна атрымаць у каардынатараў летніка Наталлі (https://vk.com/natal_i_la) і Дар'і (https://vk.com/darykzs).

Mybrest.by

Поделиться: