Журналістка Іна Хоміч накіравала скаргу ў Брэсцкі абласны суд
13 апреля 2015 в 13:02 17151
Теги: суд СМИ
У сваей скарзе яна не толькі аспрэчвае пастанову суда Маскоўскага раёна горада Брэста, паводле якой яе аштрафавалі на 30 базавых велічынь “за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”.

Як паведаміла службе маніторынгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Іна Хоміч, падчас паездкі сёлета ў лютым на адкрыццё музея хлеба ў вёсцы Моталь Іванаўскага раёна яна рабіла рэпартаж не толькі як штатны карэспандэнт газеты “Брестский курьер”, але і матэрылял для “Беларускага Радыё Рацыя”, супрацоўніцтва з якім не хавае.

“Я – грамадзянка Рэспублікі Беларусь і ахоўваюся Канстытуцыяй сваёй дзяржавы, – кажа Іна Хоміч. – Паводле артыкула 34 Асноўнага Закона нашай краіны, “грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным, міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя”. Гэта значыць, пра ўсе сферы, за выключэннем прыватнага жыцця. Адкрыццё музея хлеба – культурная і эканамічная падзея, на распаўсюд інфармацыі аб якой без усякіх абмежаванняў я маю права нават як звычайны грамадзянін, не кажучы ўжо пра выкананне прафесійных журналісцкіх абавязкаў”.

Іна Хоміч таксама нагадвае ў сваёй скарзе, што Беларусь падпісала і ратыфікавала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, у адпаведнасці з якім “кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэтае права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усякага рода інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных меж, вусна, пісьмова ці праз друк ці мастацкія формы выказвання, ці іншымі спосабамі на свой выбар”.

Паводле Іны Хоміч, асноўным аргументам у яе адміністрацыйнай справе  з’яўляецца парушэнне артыкула 35 Закона аб СМІ, пункт 4 якога адназначна забараняе “ажыццяўленне прафесійнай дзейнасці журналістаў замежных сродкаў масавай інфармацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь без акрэдытацыі”. Пры гэтым закон разглядае акрэдытацыю не як права журналіста на прывілеяваны доступ да інфармацыі, як гэта трактуецца ў міжнародным праве, а як інструмент перашкоды журналісту выконваць яго прафесійныя абавязкі. “Патрабаванне абавязковай акрэдытацыі парушае маё права на свабодны доступ да інфармацыі і яе распаўсюд, што супярэчыць Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь”, – перакананая Іна Хоміч.

У сваёй скарзе ў абласны суд яна просіць гэтую ўстанову звярнуцца праз Вярхоўны суд ў Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь, каб той даў  ацэнку артыкулам Закона аб СМІ, якія рэгламентуюць умовы працы журналістаў замежных СМІ, а таксама самога паняцця “акрэдытацыя”.

baj.by

Поделиться: