Уладзімір Някляеў у Брэсце: «Нічога добрага нас у бліжэйшы час не чакае, нажаль»
13 ноября 2013 в 12:30 752
Лідар грамадскай кампаніі «Гавары праўду», паэт і празаік, а таксама былы кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў 12 лістапада наведаў Брэст, дзе сустрэўся з мясцовымі актывістамі і прыхільнікамі палітыка і творца.
Днём Някляеў разам з брэсцкімі актывістамі «Гавары праўду» наведаў гарвыканкам. Яны перадалі чыноўнікам зварот з 1122 подпісамі жыхароў мікрараёна «Усход» і патрабаваннем аднавіць «Дзіцячы гарадок» на Гаўрылава.

Увечары Уладзімір Някляеў сустрэўся з брэстаўчанамі і паразмаўляў пра сучаснае становішча Беларусі і будучыя прэзідэнцкія выбары, а таксама прачытаў некалькі вершаў.

1.jpg

Пра сучаснае становішча

*Праблема, на маю думку, у тым, што фармальна маючы дзяржаву, дэ-факта мы яе не маем. Тое, што на сённяшні дзень называецца Рэспублікай Беларусь, дзяржавай, і што нам падаецца як найгалоўная заваёва сённяшняй улады – гэта ўсё фікцыя. Таму што сучаснай дзяржавы ў сучасным разуменні мы не маем. Мы маем пародыю, такую сярэднявяковую пародыю, што бліскуча паказаў апошні канфлікт у Барысаве.

*Неабходна рэфармаваць эканоміку, палітыку. Без гэтага «ніц не бэндзе», як кажуць нашыя суседзі-палякі.

*Калі рэфармаваць дзяржаву, то трэба пачынаць ужо сёння, не чакаючы, пакуль ляснецца гэтая ўлада і сыдзе Лукашэнка. Таму што пасля можа быць ужо позна, нам не будзе чаго ратаваць.

*У кампаніі “Гавары праўду” мы пачалі з сацыяльных праграм. Невялікі інструмент нібыта. Сёння мы хадзілі ў гарвыканкам, адносілі подпісы, каб аднавілі дзіцячы гарадок, дзе самалёт стаяў. Там падпісаліся больш за тысячу чалавек. Яны ужо аб’яднаныя адной нейкай дзеяй: іх прасцей згуртаваць вакол нейкай іншай ідэі.

*Усё вырашыць можам толькі мы з вамі, і я асабіста.

*Сонца Еўразвязу свеціць не для ўсіх аднолькава.

*Усё, што робіць праваслаўная Маскоўская царква, не можа быць на карысць Беларусі. Маскоўскае праваслаўе – гэта цалкам знітаваная, зрошчаная з’ява з уладай. Яна ніколі не парывалася. Па-сутнасці, усе патрыярхі прызначаліся ці царом, ці генсекам… Сённяшні патрыярх Кірыл, калі ён быў мітрапалітам Калінінградскім і Смаленскім, быў адначасова міністрам, так скажам, замежных справаў патрыархіі расейскай. Чым займаўся гэты чалавек? Гарэлкай, тытунём... Царква праваслаўная дабілася скасавання мыты і акцызу на ўвесь тытунь і спірт!

Пра будучыя прэзідэнцкія выбары

*Што б мне там ні казалі: і так, і сяк, «удзел у выбарах», «народны рэферэндум», «стварае легітымнасць для Лукашэнкі»… Якую легітымнасць?! Ён з 99-га года нелегітымны!!! І нічога яму гэта ні да галавы! Што вы дурыце галаву нейкімі абстракцыямі! Усё гэта кажуць і робяць людзі, якія нічога рабіць не хочуць.

2.jpg

*Калі б сёння былі аб’яўленыя гэтыя выбары… ці ня ведаю, заўтра…Я б на іх не пайшоў, я вам шчыра скажу. У 2015… У любым выпадку я буду ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі, але ўсё будзе залежаць ад таго, як складзецца сітуацыя. Сённяшняя сітуація – не спрыяе таму, каб кандыдат ад дэмакратычнай апазіцыі мог нешта зрабіць на гэтых выбарах. Але ўсё можа змяніцца…

*Канешне, гэта ўжо выглядае трохі мантрай: «трэба аб’яднацца і абраць аднаго кандыдата». Я сустракаўся з Мілінкевічам, ён таксама на гэтай пазіцыі, што трэба нам усё-ткі сабраць кангрэс, абраць адзінага кандыдата…Але і кангрэс, і кандыдат – гэта складнікі адной стратэгіі. Трэба выйсці з адной стратэгіяй.

*Я ўсім кажу: давайце кінем дурыць адзін аднаму галаву. Давайце склічам кангрэс як найхутчэй. Гэта не галоўнае пытанне - адзіны кандыдат. Гэта частка пытання. Але пакуль што не ўдаецца.

*Ва ўсялякім выпадку, сітуацыі 2010-га года, калі ўсе выскачылі танцаваць кожны свій танец, я дапусціць не магу.

«Нічога добрага нас у бліжэйшы час не чакае, нажаль»

*Я думаю, што нічога добрага нас у бліжэйшы час не чакае, нажаль. Гэты год будзе складаным для ўсіх, для нас з вамі. Але радуе тое, што ён будзе не толькі для нас складаны.

3.jpg

*Са сродкамі вельмі кепска. Падпісанне усёй Еўразійскай дамовы з палітычным блокам, па-сутнасці, гэта – прыгавор самому сабе. Таму што ўжо толькі ўваходжанне ў гэты эканамічны саюз – гэта ўсе рычагі эканамічнага кіравання пераходзяць у Расію. А куды пераходзяць рычагі эканамічныя, рана ці позна туды пераходзяць і палітычныя. А калі ў цябе няма рычагоў, то чым ты, уласна кажучы, кіруеш, і што ты збіраешся на гэтым месцы рабіць? Вось якая вымалёўваецца перспектыва для нас ўсіх разам узятых.

*Гэта ўсё праз тое, што Лукашэнка не стаў будаваць дзяржаву, а стаў будаваць сябе.

*Ёсць гістарычная логіка, ёсць логіка развіцця, і яна непазбежна перавагае ў кожным асабістым чалавечым лёсе і ў лёсе краіны і народа.

*Я згодны патрываць, але каб прыйсці да зменаў з найменшымі стратамі.

4.jpg

«Сёння цяжка размаўляць з людзьмі»

*Сёння складана размаўляць з людзьмі. Даверу мала ва ўсіх і да ўсіх. Але іншага шляху, чым ісці да людзей, няма.

*…У 2010 годзе… найбольш спрыяльным годзе, дарэчы, для беларускай апазіцыі, таму што помніце, які быў гэты дзесяты год: Масква, здавалася, ад Лукашэнкі адвярнулася. Я бачыў, што сітуацыя як ніколі спрыяльная для таго, каб вырашыць гэтае пытанне (змены ўлады – заўв. аўт.). Па Маскве круцяцца серыялы пра Лукашэнку, яго не прымаюць у Крамлі… у народа ствараецца адчуванне: усё, падачкі скончыліся, ён там не патрэбны, і ўзнікае пытанне: а на што ён нам? І так было да 9 снежня, калі ўсё рэзка змянілася, бо 9 снежня Лукашэнку паклікалі ў Маскву. Тады ўключыліся ўсе каналы прапагандыстскія: аказваецца, усё ў нас добра, Масква абяцае зноў газавыя і нафтавыя прэферэнцыі… 8-га я быў на сустрэчы (з ізбіральнікамі – заўв. аўт.) у Магілёве – гэта была адна аўдыторыя, 10-га я быў у Бабруйску – гэта была ўжо зусім іншая аўдыторыя людзей.

*Вельмі цяжкая гэта рэч: давесці сённяшнім нашым беларусам тое, што яны – беларусы. Пасяліць у іх пачуванне годнасці праз гэта…Вельмі няпроста. На працягу стагоддзяў гэта ўсё тапталася: вы ніхто і зваць вас ніяк». 

Аксана БРОВАЧ, фота Дзмітрыя БОСАКА

Поделиться:

Добавить комментарий
Email: