У Брэсце будуць працягваць маляваць на сценах дамоў вершы беларускіх паэтаў-класікаў
21 февраля 2020 в 15:53 98
Напрыканцы мінулага года ў горадзе з’явіліся тры муралы з вершамі беларускіх класікаў: акцыя рэалізоўвалася дзякуючы валанцёрскай ініцыятыве #vershybrest пры падтрымцы АРР “Дзедзіч” .

Так, на вуліцах Маякоўскага, Гогаля і Камсамольская прапісаліся творы Максіма Багдановіча, Генадзя Бураўкіна і Ніны Мацяш. Пасля стварэння трэцяга мурала стала зразумела, што ў берасцейцаў ёсць вялікая цікаўнасць да працягу ініцыятывы.

3 вершы.jpg

Гарвыканкам даў згоду на працяг праекта і было вырашана, што ў горадзе можна стварыць яшчэ 17 такіх муралаў. Зараз аўтары праекта просяць дапамогі ў гараджан.

Чым можна дапамагчы:

1.      Прапанаваць свае ідэі і пасля прагаласаваць за вершы, якія будуць напісаныя на сценах гарадскіх будынкаў. Дастаткова проста запоўніць форму.

2.      Калі ты мастак ці дызайнер, можаш прапанаваць сваю крэатыўнасць і досвед і папрацаваць над стварэннем вершаваных арт-аб’ектаў. Проста напішы на пошту dzedzich.video@gmail.com і з табой звяжуцца.

3.      І самае галоўнае – актывістам патрэбна дапамога рублём. Сродкі патрэбны на фарбу, трафарэты (плотэрную рэзку) і працу мастакоў. Падтрымаць акцыю можна на MolaMola.by. Агульная сума, якая неабходна на стварэнне 17 муралаў, складае 3400 рублёў. Збор сродкаў тут.

ОБЛОЖКа mola 01.jpg

Як распавёў каардынатар акцыі, валанцёр Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч” Дзяніс Рабчук, ужо зараз ёсць тры вершы, для якіх быў створаны візуал і атрыманы дазвол гарадскіх уладаў:

– Як толькі мы збярэм патрэбную суму, а тэмпература паветра перавысіць 10 градусаў – пачнем нанясенне іх на сцены. Часткова абраныя і месцы для стварэння наступных муралаў. Запрашаем берасцейцаў актыўна выказвацца наконт таго, якія вершы варта размясціць, а мастакоў і графікаў – прапаноўваць візуал у любых формах: проста тэкст прыгожым шрыфтам, леттэрынг, графічны партрэт паэта ці нешта яшчэ. Таксама просім берасцейцаў падтрымаць нашу ініцыятыву фінансамі.

Дзяніс 2020.jpg

Акцыя АРР “Дзедзіч” знайшла падтрымку старшыні Брэсцкага гарвыканкама Аляксандра Рагачука. Вялікую дапамогу ў выбары месцаў для малюнкаў і ў аператыўным выкананні неабходных адміністрацыйных працэдур і дазволаў аказалі галоўны архітэктар Брэста Мікалай Уласюк і кіраўнік аддзела ідэалогіі Генадзь Іванчын.

Mybrest.by

Поделиться: