Пракуратура не абавязана выдаваць незалежнаму журналісту з Брэста копію вынесенага папярэджання
16 апреля 2014 в 13:49 5712
Пра гэта гаворыцца ў лісце да сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Яўгена Скрабца, які падпісаны намеснікам пракурора горада Брэста Іванам Чайчыцам.

Як ужо паведамляў Mybrest.by, 21 сакавіка Яўгена Скрабца апытвалі ў гарадской пракуратуры і тады размова тычылася таго, ці працуе журналіст на замежныя СМІ без акрэдытацыі і ці не дыскрэдытуе ён Рэспубліку Беларусь ва ўласных матэрыялах.

Тады Яўген адмовіўся адказваць на гэтыя пытанні і падпісваць пратакол апытання, а праз дзесяць дзён, 31 сакавіка, яго зноў выклікалі ў пракуратуру, дзе незалежнаму журналісту было вынесена афіцыйнае папярэджанне “аб недапушчальнасці супрацьпраўных дзеянняў”. Папярэджанне тычыцца публікацый журналіста на сайце “Беларускага Радыё Рацыя”, якое месціцца ў Беластоку.

Адметна, што само пісьмовае папярэджанне Яўгену Скрабцу ў пракуратуры выдаць адмовіліся, пасля чаго журналіст пакінуў адпаведную заяву, бо копія дакумента яму патрэбная для далейшага абскарджання вынесенага папярэджання.

Зараз з адказу намесніка пракурора горада Брэста, які зроблены на беларускай мове, вынікае, што “заканадаўствам не прадугледжана абавязкаў выдаваць грамадзянам копіі афіцыйных папярэджанняў”. Адначасова ў лісце паведамляецца, што Скрабец можа зноў наведаць пракуратуру, каб азнаёміцца з дакументам.

Алег СУПРУНЮК

Поделиться:

Добавить комментарий
Email: