
У пратаколе, складзеным намеснікам начальніка аддзела аховы грамадскага парадку Бярозаўскага РАУС Мікалаем Пракуратам, адзначана, што Тамара Шчапёткіна парушыла арт. 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Падставай для абвінавачання стала інтэрв’ю на сайце неакрэдытаванага ў Беларусі “Беларускага Радыё Рацыя” з загадчыкам цэнтральнай Бярозаўскай аптэкі Алегам Казюпай на тэму выдачы лекаў па рацэптах. Дарэчы, на сайце ”Радыё Рацыя” кароткая інфармацыя са здымкам Казюпы змешчана без указання аўтарства.
Сярод здымкаў 4 жанчын, паказаных Казюпе і дырэктару сярэдняй школы №1 Бярозы Мікалаю Жуковічу, у якога Шчапёткіна таксама брала інтэрв’ю, яны прызналі Тамару Шчапёткіну. Толькі Казюпа чамусьці сказаў, што Шчапёткіна сябе назвала Галінай Васілевіч.
Для Тамары Шчапёткінай, па як словах, самым абуральным і агідным быў асабісты дагляд у вестыбюлі перад сталом міліцыянта, які сядзіць каля дзяжурнай часткі і запісвае ўсіх, хто прыходзіць у міліцыю, а таксама забірае асабістыя рэчы ў жалезны сейф, што стаіць побач.
Спачатку Шчапёткіну абшуквалі металашукальнікам. Потым пазвалі жанчыну- афіцэра , якая спачатку карысталася металашукальнікам, потым загадала расшпіліць паліто і абшукала ўсе кішэнні, боты, абмацала ўсю постаць. Ёй падалося падазроным нешта ў бюстгальтары, і яна прапанавала паказаць бюстгальтар. Шчапёткіна цвёрда, але ветліва прапанову адхіліла. Толькі пасля гэтага яе дапусцілі ў кабінет Мікалая Пракурата. На пытанне Шчапёткінай, з чым звязаны такія дзеянні міліцыі, пачула ў адказ: “Рэжымны аб’ект. Рашэнне міністра МУС”. Цяпер журналістка чакае позву ў суд.