На набярэжнай Францыска Скарыны ў Брэсце ўсталёўваюць скульптуры-літары са словам «МОВА»
30 мая 2020 в 00:01 84
Гэта другі з серыі такіх арт-аб'ектаў, які дзякуючы кампаніі А1 і праекту «Веліч роднай мовы» з’явяцца ў шасці найбуйнейшых гарадах Беларусі ў бліжэйшы час.

«МОВА» Брэста – зялёнага, сіняга, бэзавага, чырвонага і чорнага колераў. Такое спалучэнне апялюе да даследаванняў і рэканструкцый лакальных народных строяў, зробленых знаным беларускім этнографам Міхасём Раманюком. Блакіт палескіх балот і зеляніна рэліктавых дрэў Белавежскай пушчы, чырвань цагляных абарончых збудаванняў, чорнадымная кераміка – усё гэта не адно стагоддзе атачала жыхароў рэгіёна і паўплывала на іх колеравыя ўпадабанні ў вопратцы.

mova1.jpg

«Арт-аб'екты задумваліся як аб'ёмна-прасторавыя тэкставыя інсталяцыі, якія валодаюць магчымасцямі шчыльнага ўзаемадзеяння з месцам свайго бытавання і літаральна служаць месцам камунікацыі, дзе кожны можа ўтульна размясціцца на рознакаляровых літарах. Дарэчы, колеравая гама для арт-аб'ектаў у Брэсце, а таксама Гомелі, Магілёве, Віцебску, Гродне і Мінску падбіралася так, каб паказаць культурныя, гістарычныя і ландшафтныя адметнасці кожнага рэгіёна краіны», – кажа аўтар інсталяцый – вядомы беларускі скульптар Павел Вайніцкі.

mova2.jpg

Гама для арт-аб’екта ў Брэсце падбіралася таксама ў адпаведнасці з яскравай палітрай твораў народнага майстра з вёскі Стойлы Пружанскага раёна Мікалая Тарасюка. Створаны ім унікальны дом-музей драўляных скульптур «Успаміны Бацькаўшчыны» ўжо больш за 25 гадоў прыцягвае ў беларускую глыбінку людзей з самых розных краін свету.

mova3.jpg

«Кампанія А1 працягвае падтрымліваць праекты, звязаныя з беларускай мовай і ўвогуле нацыянальнай ідэнтычнасцю беларусаў. Сёлета мы спалучаем тэхналогіі з сучасным мастацтвам, каб нагадаць жыхарам усёй краіны пра прыгажосць і зручнасць выкарыстання роднай мовы асобнай серыяй яскравых інсталяцый. У колерах кожнай з іх зашыфравана тое адметнае, што можна знайсці ў розных кропках Беларусі, але чым аднолькава моцна ўсе мы можам ганарыцца»,– адзначыў кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі А1 Мікалай Брэдзелеў.

mova4.jpg

Першая інсталяцыя «МОВА» з'явілася на вуліцы Кірава ў Гомелі напрыканцы мая. Пасля Брэста ўсталёўка арт-аб’ектаў працягнецца ў Магілёве, Віцебску, Гродне і Мінску. Каля кожнага з іх плануецца стварыць сетку бясплатнага Wi-Fi ад А1. Ні ў адным з гарадоў адценні літар не паўтараюцца. Ідэя праекта грунтуецца на працах Міхася Раманюка, а таксама на канцэпцыі дызайнера, мастака і паэта Міхала Анемпадыстава, апісанай ім у кнізе «Колер Беларусі».

Mybrest.by

Поделиться: