Моладзевы берасцейскі праект “Наша мова” на старце!
22 января 2014 в 09:12 539
Берасцейскае студэнцкае культурна-гістарычнае аб’яднанне “Харугва” пачынае кампанію, накіраваную на папулярызацыю беларускай мовы і пашырэнне яе ўжывання сярод моладзі Берасця.

Пры падтрымцы АРР “Дзедзіч” студэнты-актывісты плануюць правесці ў перыяд са студзеня па жнівень 2014 года наступныя мерапрыемствы і конкурсы:

1. Будзе створана група “Наша мова” у сацыяльнай сетцы “Укантакце”, дзе штодзённа будуць публікавацца цікавыя факты пра беларускую мову, тэматычныя малюнкі, правілы ўжывання розных слоў.

2. Конкурс “Дзённікі беларуса” асабліва зацікавіць берасцейцаў, якія не ўжываюць у паўсядзённым жыцці беларускую мову.

3. Інтэрнэт-віктарына “Ведай мову!” – актывізуе берасцейцаў-інтэлектуалаў.

4. У конкурсе фотаздымкаў “ФотаМаўленне” запланавана дзве намінацыі “Мова, якой я ганаруся” і “Беларуская бязглуздзіца”.

5. Фотаконкурс “Моўны фотаэкстрым” – падобны да квэсту па горадзе з выкананнем загадзя абвешчаных заданняў. Галоўны інструмент – фотаздымач. Прафесійным фатографам быць неабавязкова!

6. Конкурс “Берасцейскі ВЕРШнік”: калі ты паэт ці не паэт, але табе ёсць, што сказаць пра беларускую мову і выказаць любоў да зямлі, мовы і Радзімы, тады табе абавязкова трэба паўдзельнічаць у гэтым конкурсе!

Увага! У кожным конкурсе галасаваннем будуць абірацца 3 пераможцы. Кожны атрымае прыз і запрашэнне на ўдзел у праекце на будучыню.

Усіх крэатыўных берасцейцаў запрашаем прыдумаць лагатып да праекту “Наша мова”. Як і ва усіх конкурсах 3 суперкрэатыўшчыкі атрымаюць ПРЫЗЫ.

Таксама студэнтамі “Харугвы” запланаваны беларускі інфармацыйны бум: улёткі “10 міфаў пра мову”, паштоўкі “Любі па-беларуску” да Дня ўсіх закаханых, буклет з беларускімі народнымі казкамі для самых маленькіх жыхароў Берасця, налепкі і каляндарыкі.

Самае прыемнае, як заўсёды, напрыканцы – 2-х дзённая турыстычная экспедыцыя “Свабодная Берасцейшына”. Зазірнем на берасцейскія сядзібы, паразважаем пра будучыню беларускай мовы ў нашым асяроддзі каля вогнішча, як сапраўдныя “прыродныя турысты”, заначуем у намётах.

Для ўсіх прыхільнікаў, неабыякавых, актыўных або проста чытачоў: ёсць пытанні?

* тэлефануем прэс-сакратару кампаніі “Наша мова” Наталле Гарайкінай на нумар +375 29 208 88 14.

* пішам на электронны адрас NataliaGarajkina@gmail.com

Поделиться:

Добавить комментарий
Email: