Брэсцкія пісьменнікі звярнуліся да ўладаў з прапановай пачаць дыялог з удзельнікамі акцый пратэстаў
Яшчэ ў верасні ад імя Рады Берасцейскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў быў накіраваны зварот у мясцовы аблвыканкам і гарвыканкам, а таксама ў тэлерадыёкампанію “Брэст”.

У звароце размова ішла пра тое, што ўладам трэба пачаць размаўляць з жыхарамі горада, якія выходзяць на шматлюдныя пратэстныя акцыі. Для гэтага пісьменнікі прапанавалі маніфестантам абраць упаўнаважаных для перамоў, а ўлады мусяць гарантаваць, што ня будуць пераследваць гэтых асобаў.

Аўтары звароту таксама адзначалі недапушчальнасць замоўчвання акцый пратэсту ў дзяржаўных СМІ (найперш на тэлебачанні) і выказвалі спадзяванне, каб пры згадванні пра гэтыя акцыі журналісты будуць працаваць прафесійна: перад усім неаднабакова.

Адказ з Брэсцкага гарвыканкама за подпісам намесніка старшыні Віталя Шчэрбы атрымаўся лаканічным:

“Мы падзяляем Вашу заклапочанасць становішчам, якое склалася ў горадзе ў выніку масавых беспарадкаў у жніўні 2020 года. Разам з тым паведамляем Вам, што па звестках, прадастаўленых УУС Брэсцкага аблвыканкама, 09.-11.08.2020 на тэрыторыі г. Брэста зарэгістраваныя факты беспарадкаў, пашкоджання і псуты маёмасці, супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў.

Ваша прапанова прадстаўнікам мясцовай улады выступіць на сходах пратэстоўцаў можа быць разгледжана толькі ў рамках Закона Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”. Закон вызначае парадак арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў, які прадугледжвае парадак падачы заявы (паведамлення) аб правядзенні такога мерапрыемства, яе разгляд і вынясенне па ёй рашэння.

Тэматыка і змест тэлевізійных перадач тэлеканалаў, з якімі ў Брэсцкага гарвыканкама ёсць дагаварныя адносіны (“БугТВ” і “Лагуна ТВ”) вызначаны адпаведнымі дамовамі і ў дастатковай ступені адлюстроўваюць падзеі, якія адбываюцца ў горадзе”.

Што тычыцца Брэсцкага аблвыканкама, дык там у сваім адказе найперш рэкамендуюць аўтарам звароту сфармуляваць прапановы па новай рэдакцыі Канстытуцыі краіны.

Таксама літаратарам раяць звяртацца з прапановамі ўдасканалення грамадскага жыцця ў рэгіянальныя сродкі масавай інфармацыі. Што да належнай працы гэтых СМІ, то ў аблвыканкаме лічаць, што “у эфіры тэлеканала “Беларусь 4 Брэст” знаходзяць адлюстраванне ўсе грамадска-палітычныя падзеі жыцця вобласці, у тым ліку і пратэстныя акцыі”.

“Як быццам гэта адсутнасць яе, новай Канстытуцыі, вывела на вуліцы сотні тысяч у Беларусі, дзясяткі тысяч жыхароў Берасцейшчыны і яе цэнтра”, - заўважае пісьменнік і журналіст Яўген Бяласін.

Паводле яго словаў, “калі ўсё так ладком, то чаму штонядзелі ў цэнтры Брэста ваўсю курсуюць аўтазакі, і ён поўны АМАПу ды іншых спецлюдзей? Прычым закамуфляваных, як у блокбастэрах, у сумных колераў вопратку без знакаў адрознення і, прабачце за крымінальны слэнг, у “балаклавы”? І чаму мірных берасцейцаў, пры ўсім Магдэбургскім праве абласнога цэнтра ды іншых гарадоў і самых малых мястэчак Берасцейшчыны, як Дывін, правакуюць брутальнымі дзеяннямі? Прэсуюць нават пры сакральным для нас усіх помніку 1000-годдзю Берасця – замест каб іх пачуць?”.

Алег СУПРУНЮК

Поделиться: