
Як гаворыцца ў пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні, 8 студзеня 2015 года Шчапёткіна нібыта зрабіла інтэрв’ю з супрацоўнікам ДАІ Сяргеем Неліповічам, якое з’явілася на інтэрнэт-старонцы “Беларускага Радыё Рацыя”.
Адміністрацыйны працэс адбыўся яшчэ 6 сакавіка без Тамары Шчапёткінай, але рашэнне па ім журналістцы не паведамлялі. Каб даведацца пра вынік суда, жанчына адмыслова прыехала 11 сакавіка з Бярозы ў Брэст.
Тамара Шчапёткіна наступным чынам пракаментавала сітуацыю для “Еўрарадыё”:
“Я ўчора патэлефанавала ў суд Ленінскага раёна і паведаміла, што хочу азнаёміцца са сваёй справай. Да сённяшняга дня я не ведала, як мяне пакаралі! Ужо ж тэрмін на абскарджванне ідзе - пяты дзень сёння! Таму адмыслова прыехала, каб пазнаёміцца з пастановай і каб адвакат паспеў напісаць касацыйную скаргу".
Дарэчы, на суд Шчапёткіну запрасілі праз СМС. Нягледзячы на адсутнасць афіцыйнай позвы ў суд, Тамара Шчапёткіна 6 сакавіка ўсё ж такі прыехала ў абласны цэнтр. Праўда, трапіць на разгляд уласнай справы яна не змагла, хоць і прыехала своечасова. Па словах супрацоўнікаў суда, перад кабінетам суддзі яе не было, таму і пачалі разгляд справы без яе.
Дарэчы, у снежні 2014 года журналістка з Бярозы ўжо была аштрафаваная за супрацоўніцтва з “Беларускім Радыё Рацыя” — на 4,5 мільёна рублёў.
Mybrest.by