Берасце сустрэне 1000-годдзе з шэраю пліткаю і ружовымі банкамі?
20 января 2014 в 09:37 322
Неабыякавыя берасцейцы распачынаюць кампанію абароны гістарычнай спадчыны свайго гораду.

Калі ўлада не умее быць уладаю

Улады Берасця не эфектыўныя ў гарадскім упраўленні, часта іхныя рашэнні не служаць інтарэсам жыхароў. Гэткую ацэнку далі жыхары Берасця падчас кансультацыяў у межах праграмы «Стан гістарычна-культурных каштоўнасцяў берасцейскага рэгіёну».

Як прыклад – забудова цэнтру гораду і знос гістарычных будынкаў. Гэтыя змены часцяком робяцца без уліку меркаванняў жыхароў гораду і адмыслоўцаў.

«Улады нас чуюць, – кажа доктар мастацтвазнаўства ў галіне ўрбаністыкі ды архітэктуры Ірына Лаўроўская. – Яны не ўсведамляюць, да якіх наступстваў могуць прывесці часам іхныя авантурысцкія рашэнні. Напрыклад, зрабілі заходні абход міма галоўнага ўваходу ў Берасцейскую крэпасць, або пабудавалі помнік, які гораду быў не патрэбны. Трэба, каб кожнае рашэнне прадумвалася прафесійнымі экспертамі. І толькі калі ўжо нешта пабудаванае, улады пачынаюць разумець, што іхнае рашэнне было не зусім правільнае, але ўжо нічога змяніць нельга».

Удзельнікі дыскусіі канстатавалі, што горад у 2013 годзе страціў нямала гістарычных будынкаў. Сярод іншага, улады разбураюць гістарычны цэнтр гораду. Неабыякавыя берасцейцы змагаюцца за сваю ўласнасць і спадчыну гораду. Летась адбылося некалькі судовых працэсаў, у якія грамадзяне выступалі супраць аблвыканкаму і гарвыканкаму.

20140119_165514.jpg

Адмыслоўцы кажуць, што вельмі цяжка назваць усё, што страціла Берасце: паводле самых мінімальных падлікаў – гэта ўся вуліца Савецкая, гістарычныя будынкі на вуліцах Карла Маркса, Пушкінская, Леніна, Карбышава. У некаторых месцах улады гістарычных будынкаў не зносілі, а перабудоўвалі іх, але адмыслоўцы лічаць, што і гэта недапушчальнае.

Хто ўратуе «калонію Варбуга»?

Адно з балючых пытанняў – знішчэнне «калоніі Варбурга». Гэта квартал з 20 двухпавярховых драўляных дамоў у межах гістарычнага цэнтру. Ён паўстаў у 1925 годзе з ініцыятывы арганізацыі «American Joint Distribution Committee». Сваю назву квартал атрымаў ад імя аднаго з заснавальнікаў гэтай дабрачыннай арганізацыі – Фелікса Варбурга. Першымі жыхарамі калоніі былі сем’і самых бедных берасцейскіх габрэяў, якія сталі ўцекачамі падчас Першай сусветнай вайны і вярнуліся ў Берасце без сродкаў на аднаўленне сваіх дамоў, разбураных у прыфрантавым горадзе.

20140119_165550.jpg

Улады Польшчы, да якой з 1921 да 1939 года адносілася Берасце, не мелі магчымасцяў для забеспячэння жытлом усіх, хто жыў у нястачы і меў у ім патрэбу, таму прапанову дапамогі ад міжнароднай арганізацыі прынялі. Запраектаваная ў архітэктурным стылі, які большасць даследчыкаў адносяць да «закапанскага», калонія Варбурга стала невялікім кварталам са сваёй уласнаю інфраструктураю.

Але цалкам помнік ужо згублены, на яго месцы пабудавалі студэнцкі інтэрнат, летась знішчылі яшчэ некалькі дамоў, каб на іх месцы пабудаваць краму. Такім чынам, аднавіць гэты помнік цалкам ўжо немагчыма.

Чым пахваліцца Берасце, апроч крэпасці?

У выніку ўзнікла пытанне, што, апроч Берасцейскай крэпасці, можа зацікавіць у горадзе турыстаў?

«Да нас актыўна едуць госці з Расеі ды Украіны, – гаворыць адзін з удзельнікаў дыскусіі. – Чаму да нас? Бо ў Расеі ўсё разваленае, яшчэ – праз настальгію па Савецкім Саюзе. І Берасцейская крэпасць – адзін з такіх сімвалаў». А што Берасце можа запрапанаваць тым, турыстам, у якіх такой настальгіі няма?

«Да нас нядаўна прыехала група з Нарвегіі, і пасля наведвання нашай краіны яны больш да нас не вернуцца, ім няма чаго тут рабіць, улічваючы наш узровень коштаў і сэрвісу, і тое, што ў нас, на жаль, няма чаго глядзець. Каму цікавыя навабуды? Турысты хочуць бачыць нешта аўтэнтычнае, а ўсё гістарычнае ў горадзе знішчаецца», – гаворыць адна з удзельніц кансультацыяў.

Берасцейцы хочуць адстаяць свой горад

20140119_165605.jpg
Большасць удзельнікаў дыскусіі прыйшлі да меркавання, што горад становіцца не камфортным для жыцця. Цэнтр Берасця забудоўваюць шматпавярховікамі з офісамі. Амаль знішчанае тое зялёнае Берасце, якое шмат хто любіў. За апошнія гады ў горадзе спілавалі сотні дрэваў.

Праз 5 гадоў Берасце адзначыць 1000-годдзе. Берасцейцы баяцца, што да гэтага часу ў горадзе амаль не застанецца аўтэнтычных гістарычных помнікаў. Цяпер удзельнікі кансультацыяў вызначылі чатыры ключавыя аб’екты ў горадзе, якія будзе адстойваць грамадскасць: «калонія Варбурга», цэнтр гораду, Берасцейская крэпасць і Бернардзінскі кляштар. Актывісты рыхтуюць звароты да мясцовых уладаў, а таксама плануюць адстойваць гістарычную спадчыну ў судах.

Алесь Ляўчук, belsat.eu
Фота: Мілана Харытонава
Поделиться:

Добавить комментарий
Email: