Бацька, дачка і бабуля з Брэста працуюць над 3D-канструктарам Мірскага замка. І гэта толькі пачатак!
28 июня 2017 в 17:40 682
Што рабіць, калі ты прыйшоў у краму за беларускімі цацкамі, а там толькі канструктары з маскоўскім Крамлём, Статуяй Свабоды ці Эйфелевай вежай?

Нехта пайшоў бы простым шляхам і набыў тое, што ёсць, але толькі не сям’я Бахуноў з Брэста. Сутыкнуўшыся з адсутнасцю канструктараў, якія б былі прысвечаны нашай гісторыі, яны вырашылі стварыць іх сваімі сіламі.

Берасцеец Сяргей Бахун разам з маці Тамарай і дачкой Адэляй на краўдфандынг-платформе «Талака» збіраюць грошы на стварэнне ўнікальнага для нашай краіны 3D-канструктара «Мірскі замак».

«Адэля вельмі любіць канструктары, якраз з ёй мы раіліся наконт таго, што можна было б цікавага зрабіць для дзетак. Да канкрэтных дзеянняў нас падштурхнула абурэнне, выкліканае знаходжаннем у мінскай краме набору «Ветлівыя людзі», гэтых персанажаў яшчэ называюць зялёнымі чалавечкамі. Выходзіць, зборная мадэль з расійскімі войскамі-акупантамі ёсць ў дзіцячых крамах, а нейкіх сапраўды карысных рэчаў, якія б распавядалі пра нашу гісторыю, няма? Дык як мы збіраемся выхоўваць дзяцей?», — каментуе Сяргей.

нн1.jpg

На адной з сямейных нарад Бахуны вырашылі: прыйшоў час рабіць нешта самастойна. Тым больш у бізнэсе досвед ужо ёсць: Тамара Уладзіміраўна даўно знаёмая многім як стваральніца крэатыўных, прыгожых паштовак з віншаваннямі па-беларуску.

нн2.jpg

«Мы шмат разважалі, апытвалі знаёмых і вырашылі пачаць з Мірскага замка як самай пазнавальнай архітэктурнай каштоўнасці. Але калі нашы мадэлі будуць запатрабаваныя, дойдзем і да іншых будынкаў — гарадскіх ратуш, касцёлаў, палацаў… Мабыць, уваскрэсім хаця б у такім выглядзе будынкі, якія былі знішчаны і страчаны. Трэба, каб беларусы ганарыліся сваёй гісторыяй і ведалі яе: шмат землякоў ні разу не былі ў тым жа Мірскім замку. А вось збяруць дома яго мадэль — і, спадзяюся, захочуць убачыць ужывую», — выказвае надзею Сяргей.

нн3.jpeg

Макет замка плануюць рабіць з кардону, памерам 30 на 30 сантыметраў. Сабраць яго можна будзе з дапамогай інструкцыі: без клею і нажніц. У камплект будуць увойдуць не толькі дэталі замка, але яшчэ і 5 фігурак гістарычных асоб таго часу ды жаўнераў у розных позах. Дакладны кошт пакуль невядомы, але цана будзе не большай за 30-40 рублёў.

Наколькі хутка тавар з’явіцца у крамах, залежыць ад таго, ці актыўна падтрымаюць праект на Талацэ: агулам на справу трэба сабраць 14800 рублёў.

Кацярына Карпіцкая, nn.by

Поделиться:

Добавить комментарий
Email: