10 берасцейцаў, якія робяць горад крутым
18 мая 2018 в 22:54 284
Працягваем цікавіцца ўсімі бакамі Берасця. Аднойчы мы ўявілі, якой была б стужка Берасця, калі б у яго быў фэйсбук; потым пагутарылі пра бізнэс з рэстаратарам Кірылам Борахавым.

А нядаўна нават спартыўную сферу закранулі. Надышоў час культуры – лаві спіс берасцейскіх зорак, якім не шкада часу на тое, каб зрабіць свой горад лепшым.

gaiko.pngАксана Гайко

рэжысёрка незалежнага тэатра «Крылы халопа»,

адна з заснавальніц пляцоўкі «Прастора КХ»,

аўтарка ідэі першага дакументальнага аўдыягайда па гісторыі Халакосту ў Берасці Brest Stories Guide

Аксана – чалавек, які прасоўвае культуру насуперак усяму. Напрыклад, тэатр выстаяў, нягледзячы на негалосныя забароны спектакляў – а ў біяграфіі «Крылаў халопа» ёсць і такія старонкі. Дзякуючы Аксане і яе сябрам Берасце калісьці пазнаёміўся з перформансамі і вулічнымі спектаклямі на хадулях. Жыхары мікрараёна Вулька памятаюць, як акторы тэатра адзначалі Дзень вуліцы Падгародскай так, што ўвесь раён стаяў на вушах. Тады яшчэ ніхто не ведаў, што такое івэнт у стылі рэвалюцыйнага кабарэ, але было крута! Эксперымент, вострае мастацтва – вось што Аксана ўпарта прасоўвае ў Берасці. Агучваць тое, пра што ў грамадстве прынята маўчаць, – гэта яе ідэя-фікс.

Цяпер у «Прасторы КХ» адбываюцца публічныя лекцыі, дыскусіі, выставы. Аксана разам з акторамi студыi тэатра «КХ» працуе над спектаклямі паводле «Антыгоны» Сафокла i жарсцяў вакол будаўнiцтва акумулятарнага завода ў Берасцi.

kahovich.pngАлена Каховіч

актывістка агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч»,

каардынатарка гарадскіх ініцыятыў

Прасцей назваць культурныя і грамадскія акцыі, у якіх Алена не ўдзельнічала, калі такія ўвогуле ёсць. Алена ўсімі магчымымі спосабамі прасоўвае беларускую мову ў гарадскую прастору. Напрыклад, яна мабілізавала мастакоў, і ў выніку гэтай калабарацыі ў Берасці з’явіўся паблік-арт. Цяпер у горадзе сям-там можна знайсці партрэты беларускіх паэтаў альбо цытаты з іх твораў.

Што Алена добра ўмее, дык гэта збіраць вакол сябе неабыякавых і энергічных людзей. Так атрымаўся фестываль мабільнасці «Самаход», дзе людзі з рухавіком у адным месцы распавядалі пра падарожжы. Яшчэ адзін прыклад – дваровы фэст «Арэлі». Рэцэпт свята такі: валанцёры «Дзедзіча», мясцовыя жыхары, гарадскія ўлады і бізнэс-партнёры.

Апошнім часам Алена з сябрамі стварае і дапаўняе анлайн-мапу «Брэсцкі канструктывізм». У ідэале з яе мусіць атрымацца паўнавартасны гайд – на радасць бязвізавым турыстам і фанатам архітэктуры.

plumbum.pngВоўка Плюмбум

лідар гуртоў Plum Bum і NABR,

адзін з заснавальнікаў дызайн-студыі Grafit,

мастак

А калі без тытулаў, то Вова – чалавек, які робіць тое, што хоча. І ў яго гэта атрымліваецца настолькі таленавіта і цікава, што вакол абавязкова згуртоўваюцца людзі. Пару гадоў таму ён арганізаваў выставу аднаго дня «Знайдзі сваю планету». Вова намаляваў, як сам казаў, левай нагой некалькі дзясяткаў незаселеных планет. І кожны мог абраць сабе любую з іх, патлумачыўшы, чаму менавіта яна спадабалася. Мастацкі эксперымент павярнуўся вечарам міжпланетнага сяброўства – дзе яшчэ такое было?

Улетку Плюмбум і кампанія ў двары ў цэнтры горада ладзяць фестываль «Сумасшедший дом». Тут ёсць месца для дзяцей, прыхільнікаў паэзіі, мастакоў, музыкантаў. Усё пачыналася з нефармальнай тусоўкі для сваіх і асабліва цікаўных, а ператварылася ў шматлюдны гарадскі фэст.

Некаторы час Плюмбум быў акцёрам тэатра «Напротив» – гэта штосьці накшталт незалежнага тэатра юнага гледача. А адзін з яго нядаўніх праектаў – роспіс сцен у гістарычнай аптэцы на вуліцы Савецкай. Гэтую працу энергічны Плюмбум выканаў за два дні без чыёйсьці дапамогі. І хто ведае, якіх неспадзяванак ад яго яшчэ чакаць!

alina.pngАліна Дзеравянка

менеджарка ў сферы культуры,

намесніца дырэктара Фонду развіцця Брэсцкай крэпасці

Фонд працуе над тым, каб Брэсцкая крэпасць была не толькі месцам паломніцтва на 9 мая і 22 чэрвеня, а цікавым і сучасным турыстычным аб’ектам. Фонд да гэтага крок па кроку ідзе. Аліна разам з навукоўцамі агледзела і абмерала кожны закуточкак крэпасці. А яна нашмат большая, чым турысты сабе ўяўляюць! Закінутыя руіны фартоў і пабудоў крэпасці цяпер на ўліку. Мара Аліны – зрабіць з іх грамадскія прасторы: мастацкія галерэі і майстэрні, каворкінгі, хостэлы, кавярні…

Гэта наступны этап. А пакуль што даследчыкі аформілі шматгадовую працу ў Атлас крэпасці Брэст-Літоўск. У ім – рассакрэчаныя архіўныя дакументы, чарцяжы, схемы… Фанатам фартыфікацыі і тым, хто хоча запоўніць белыя плямы ў адукацыі, – must read.

Паралельна Аліна сябруе з «Прасторай КХ». Ці то сама дзеліцца досведам на дыскусіях, ці запрашае экспертаў паразважаць пра тое, як разварушыць культуру ў Берасці.

Аліна мае тры вышэйшыя адукацыі і невымяральную колькасць энергіі для працы на карысць не роднага, але любімага Берасця.

dd.pngЮра Стыльскі

дыназаўр беларускага панк-року,

бацька «Дай Дарогу!»,

мастак

Перакананы берасцеец, местачковы патрыёт. Яму прапаноўвалі з’ехаць, але ён вырашыў застацца – і цяпер Берасце без Юры нават складана ўявіць. Дзень народзінаў у жніўні ён па традыцыі адзначае выступам у родным горадзе. Па-за Берасцем ён птушка высокага палёту: грае на оўпэн-эйрах, шматтысячных фэстах, лабае канцэрты ў Маскве і Піцеры. А дома не грэбуе заспяваць пад акустыку перад паўсотняй удзячных слухачоў.

Юра заявіў пра сябе і як мастак. Апошнія некалькі год яго карціны аголеных дзяўчат два на паўтара метры становяцца разынкай на зборнай выставе маладых мастакоў «Усе разам».

У інстаграме Юра часам распавядае пра любімыя мясціны ў горадзе. Дзіва, што дагэтуль не існуе гайда па Берасці слядамі Стыльскага.

У 2000-я Юра праславіўся яшчэ і як адзін з заснавальнікаў брэйкбіт-праекта 4Kuba. Ён граў на крутых рэйвах, шмат год запар ездзіў на Kazantip, але потым адышоў ад электроншчыны. Час ад часу заводзіць размову пра тое, што праекту трэба даць нармалёвы штурхель пад зад. Але пакуль засяродзіўся на «ДД». Гурт адзначыў 20-годдзе, а хутка прэзентуе кліп на новую песню – над ім працаваў рэжысёр Уладзімір Ківачук. Юра кажа, будзе бомба. Чакаем!

annaredko.pngГанна Радзько

дызайнерка і ілюстратарка,

заснавальніца брэнда «Важны Гусь»

Таксама Ганна – аўтарка беларускамоўнага календара для мам, стылёвых паштовак з арнаментам і не толькі. А яшчэ – прынтаў для вопраткі (маркфармэлеўскія світшоты з зубрам – яе работа). Ганна – генератарка ідэй, мясцовы Арцемій Лебедзеў. Хіба што нікога бязлітасна не крытыкуе.

Ганна распрацавала стылёвы лагатып да тысячагоддзя Берасця, якое горад адзначыць у 2019-м. Дызайнерка падрыхтавала некалькі рознакаляровых варыянтаў. Берасце ў яе бачанні – гэта горад сустрэч, эмоцый, свята, перамогі, ліхтароў, спорту. Прапанова Ганны спадабалася гарвыканкамаўскаму журы – яна перамагла ў конкурсе лагатыпаў. Цяпер стылізаваны герб кожны жадаючы можа бясплатна ляпіць куды заўгодна: на сувеніры, цішоткі, торбы… Ганна сціпла кажа, што ёй хочацца зрабіць для роднага горада яшчэ больш. Лічым, што Берасцю пашчасціла – з ёй і яе сястрой-блізняткай Марыяй.

m_redko.pngМарыя Радзько

мастачка,

адна з арганізатарак штотыднёвых сустрэч «Утульнае маляванне»

Людзей, у якіх з-пад алоўка выходзяць чароўныя малюнкі, у Берасці цэлая супольнасць. Марыя і яе сябар, калега, архітэктар Яўген Шчэрбач прапанавалі мастакам збірацца па вечарах, каб памаляваць. Сустрэчы адбываюцца ў кавярнях, у тэхнапарку, калі цёпла – і на паветры. Можна прыйсці пакрэмзаць алоўкам у блакноце, а можна паспрабаваць сябе ў якасці мадэлі.

Пасля Берлінскай Вышэйшай школы мастацтваў Маша вярнулася ў Берасце, каб перадаць свае веды дзецям. А потым патрапіла ў экспедыцыю на Балканы разам з Арцеміем Лебедзевым. Вярнулася натхнёная, але хутка зноў з’ехала – гэтым разам у Грэцыю. І там яна стала адзінай беларускай мастачкай сярод 115 талентаў з усяго свету, якіх запрасілі працаваць над фільмам пра Ван Гога. Стужка «З любоўю, Вінсэнт» атрымала намінацыю на Оскар, але, на жаль, не перамагла. Марыя кажа, у фільме засталася не толькі яе праца – яшчэ і кавалачак яе сэрца. Сэрца берасцейкі!

Цяпер яна працуе ў Берасці, паказвае свае працы на выставах, дае майстар-класы і прыватныя ўрокі жывапісу

zmicer.pngЗміцер Назараў

івэнт-менеджар,

кіраўнік прома-суполкі «Зала чакання»,

арганізатар культурных мерапрыемстваў

Строга кажучы, каб не Зміцер, Берасце наўрад ці пазнаёмілася б з альтэрнатыўнай беларускай музыкай. З 2009 года Зміцер праводзіў у Берасці Men’s Fest. У розныя гады на ім выступалі Rel1kt, Terrakod, Sciana, Крамбамбуля, Nizkiz, Нагуаль, Naviband (якія ў тыя часы былі проста Navi). З пераменным поспехам, але ў Назарава атрымлівалася. Потым ён ад фэсту адказаўся, бо адной толькі ідэяй сыты не будзеш. Але нават пасля фінансава правальных канцэртаў Зміцер зноў і зноў увязваецца ў гэтую авантуру. І чакае, што беларускія музыкі ў Берасці збяруць ужо не клуб, а стадыён.

Выключна канцэртамі «Зала чакання» не абмяжоўваецца. Назараў зрабіў Дзень роднай мовы класным абласным мерапрыемствам. Як ёсць нагода, то прывозіць у Берасце беларускіх пісьменнікаў з прэзентацыямі іх кніг.

Нядаўна Зміцер удзельнічаў у арганізацыі роварнага фэсту «Без матора». У планах – пакатацца з акустыкай Юры Стыльскага па Берасцейшчыне, а восенню замуціць некалькі крутых канцэртаў у Берасці.

igor.pngІгар Пашэчка

музыка,

актор,

вядоўца

Няўрымслівы і няспынны культурны дзеяч. Ігар – за любы дзвіж. Калі ў культурным жыцці горада нічога не адбываецца, Пашэчка ставіць перад сабой рытарычнае пытанне: «Калі не я, то хто?» І бярэцца за справу.

У канцы 90-х ён з паплечнікамі стварыў рок-гурт, які ў 2010-м пад назвай «СТПТЦ» прэзентаваў дыск «Не телефонный разговор». Потым арганізаваў творчую майстэрню «ДрамРокСтудио». Быў голасам спектакля па п’есе Дзіяны Балыка «Чорны анёл з белымі крыламі» ў Берасцейскім акадэмічным тэатры драмы. Цяпер яго ў праграме няма, але пару год таму збіраў аншлагі.

Спрычыніўся Ігар таксама і да дваровага фэсту «Сумасшедший дом» – разам з Воўкам Плюмбумам, Анатолем Бараннікам і суполкай такіх жа вар’ятаў ад культуры.

Яшчэ адзін праект Пашэчкі – ток-шоу «КУЛЬТличности»: гэта мікс з музыкі, гумару і размоў з цікавымі людзьмі. Апроч гэтага, Ігар арганізуе музычныя спектаклі – «Службовы раман», «#Любоў».

Апошнім часам пра Пашэчку чуваць як пра вядоўцу ранішняй праграмы на мясцовым тэлебачанні. Але паралельна Ігар жыве насычаным музычным жыццём. З яго падачы ў Берасці праводзяцца «КвАРТирники». Ігар называе іх музычна-кулінарнымі шоу. Тэма заўсёды розная: джаз, рок-хіты. На кватэрніках сапраўды як дома: гатуюць штосьці смачнае, запрашаюць да стала – а потым спяваюць любімыя песні і проста размаўляюць за жыццё

blog.pngКацярына Таберка і Дарыя Скамарошчанка

блогеркі,

адны з арганізатарак міжнароднага фэсту па шахматах,

маці і дачка

Кацярына – аўтарка блога пра дзіцячую літаратуру «Кніжны шкап». З нядаўніх часоў яшчэ і адна з арганізатарак міжнароднага фэсту па шахматах для дзяцей і дарослых «Чорная пешка». У Берасці ўжо прайшло некалькі этапаў Кубка «Чорнай пешкі»: яны адбываюцца кожную трэцюю суботу месяца. Пераможцу ўзнагародзяць у лістападзе 2018 падчас фэсту па шахматах. Старшыня гарвыканкама Аляксандр Рагачук ускладае на яго вялікія надзеі. Кажа, што «Чорная пешка» мусіць стаць адным з брэндаў горада.

А ідэю падала шасцігадовая дачка Кацярыны Дарыя Скамарошчанка, якая добра гуляе ў шахматы. Па-за гэтым Дарыя – юная блогерка: яна вядзе свой канал у YouTube, дзе выразна чытае вершы і казкі. Дзяўчынка пабывала бадай на ўсіх самых вядомых шоу талентаў – расійскіх, украінскіх, была і на беларускім тэлебачанні. Зрабілася медыяперсонай і вырашыла скарыстацца становішчам: прапанавала старшыні гарвыканкама арганізаваць у родным горадзе шахматны фестываль. Улады не адмовілі: такім чынам у берасцейскіх дзяцей з’явіліся ўласныя інтэлектуальныя спаборніцтвы.

34mag.net


Поделиться:

Добавить комментарий
Email: