У Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбудзецца выстава ў гонар Берасцейскай Бібліі
13 декабря 2021 в 16:42 295
Адкрыццё выставы «Той самы падарунак да 1000-годдзя» адбудзецца для шырокай грамадскасці ў Мінску 14 снежня (16.00) на трэцім паверху Нацыянальнай бібліятэкі.

Паводле арганізатараў мерапрыемства, у наведвальннікаў выставы будзе ўнікальная магчымасць пабачыць экзэмпляр знакавага для беларускай культуры друкаванага кніжнага помніка – Берасцейскай Бібліі, якая была падаравана на 1000-годдзе гораду Брэсту (2019).

265692511_2057813744377609_2475694972268202692_n.jpg

Берасцейская, ці Радзівілаўская, Біблія – гэта самае прыгожае, дарагое, маштабнае беларускае выданне XVI–XIХ стст. Яно пабачыла свет у 1563 годзе ў Берасцейскай друкарні Мікалая Радзівіла Чорнага і ў далейшым атрымала сусветную славу і прызнанне як сапраўднага шэдэўра эпохі Адраджэння.

Разам са спецыяльна дастаўленым з Брэста ўнікальным экзэмплярам на выставе будзе экспанавацца каштоўнае факсімільнае ўзнаўленне Берасцейскай Бібліі, якое зрабілі да святкавання 1000-гадовага юбілею горада над Бугам.

Над выданнем працавалі прадстаўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і выдавецкага дома “Сегмент”. Дакладна ўзноўлены памер, знешні выгляд, рукапісныя надпісы і паметкі і іншыя асаблівасці арыгінала, па старажытных тэхналогіях уручную выкананы спецыяльны пераплёт.

Mybrest.by

Поделиться: