У Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі пройдзе выстава “З прыродай зліўшыся душой”
4 июня 2020 в 19:48 100
Выстава, якую ладзіць сектар “Прырода і экалогія” музея, названа радкамі з санета Максіма Багдановіча таму што прысвечана яднанню чалавека і прыроды.

На выставе можна ўбачыць прадметы этнаграфіі з выявамі птушак, якія з’яўляюцца насельнікамі нябеснай прасторы і заўсёды прыцягваюць чалавека. Нашыя продкі надзялялі птушак рознымі здольнасцямі, звязвалі з імі шэраг прыкмет і павер’яў. Таму людзі імкнуліся аздобіць выявамі птушак свае хаты: вышывалі іх на ручніках і вопратцы, ткалі на посцілках, выпальвалі і выразалі на дрэве, малявалі на шкле ды іншае. 

40404.jpg

Згодна з матэрыяламі і тэхнікай выканання на выставе прадстаўлены розныя віды народнай творчасці: выявы птушак у першабытнай этнаграфіі, ткацтва, вышыўка, элементы жаночага касцюма, драўляная этнаграфія, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (выцінанка, скульптура, шчэпавая птушка-абярэг, саломапляценне, лепка з гліны, роспіс па шкле).

Часовая экспазіцыя сфарміравана з фондаў музея, з вырабаў берасцейскіх рамеснікаў, а таксама прадметаў, прадастаўленых прыватнымі асобамі. Адкрыццё выставы прымеркавана да Сусветнага дня аховы навакольнага асяроддзя (5 чэрвеня).

Выстава адбудзецца пры падтрымцы ДУК “Бярозаўскі раённы Цэнтр рамёстваў” і Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Mybrest.by

Поделиться: