Наталка Бабіна: «Калі б я не нарадзілася на Берасцейшчыне, я б ніколі не стала пісьменніцай»
6 декабря 2013 в 14:26 2396
Раман пра Брэст «Рыбін горад» беларускай пісьменніцы Наталкі Бабінай, якая паходозіць з вёскі Заказанка ў Брэсцкім раёне, выйшаў у Лондане на англійскай мове.
Пісьменніца вельмі ўзрадаваная гэтым фактам і спадзяецца, што брэстаўчане прымуць гэтую навіну таксама на «Ура».

«Для мяне вельмі важна, каб брэстаўчане зацікавіліся гэтым фактам: выхадам маёй кніжкі па-англійску. Ведаеце…для мяне Брэст і Берасцейшчына – гэта адзіная крыніца натхнення. Усё астатняе – гэта проста антураж. Калі б я не нарадзілася на Берасцейшчыне, калі б там я не ўсвядоміла сябе чалавекам, не усвядоміла сваіх каранёў, я б ніколі не стала пісьменніцай. І гэтыя кніжкі ніколі б не з'явіліся. Менавіта таму для мяне вельмі важна як менавіта на Брэстчыне ўспрымаецца мая творчасць (прабачце за такое пафаснае слова), і ці падабаецца мой раман брэстаўчанам. Я пішу найперш з-за таго, што я родам з Берасцейшчыны», - прызналася Наталка Бабіна.

У англійскім перакладзе кніга называецца Down Among The Fishes. Яна выйшла літаральна тыдзень таму ў выдавецтве Glagoslav, якое месціцца ў Лондане. Кнігу можна набыць у папяровым варыянце - з мяккай альбо цвёрдай вокладкай, альбо спампаваць у электронным выглядзе.

«Сёння ў асноўным звязаная з асобай прэзідэнта Лукашэнкі, Беларусь застаецца тэра інкогніта для астатняга свету. Дзіўна свежы партрэт сучасная Беларусі, складзены Бабінай, адзначае дэмаграфічную разнастайнасць краіны ў бізнэсе, адукацыі, культуры альбо або проста тое, як людзі паводзяць сябе ў паўсядзённым жыцці», - адзначаецца ў апісанні да кнігі на сайце выдання.

Пераклад раману выканаў Джым Джынглі, які таксама працаваў над англамоўным выданнем кнігі Уладзімера Арлова «Краіна Беларусь». Пісьменніца адзначае, што перакладчык працаваў вельмі скрупулёзна, дамагаючыся максімальнай дакладнасці. Джым Джынглі нават адмыслова прыяжджаў у Мінск у госці да аўтаркі, каб высветліць некаторыя моманты з  тэксту.

«Перакладчык Джым Дынглі надаў асаблівую ўвагу, каб дакладна перадаць рэаліі з гісторыі горада. Напрыклад, доўга дабіваўся ад мяне, калі, у якую пару ў сярэдневечным Берасці трубілі хейнал. А каб я гэта ведала сама... Аказваецца, маглі быць розныя варыянты. Вырашылі, што ўсё ж для адзнакі часу», - распавядае Наталка Бабіна.

Вокладку для англійскага выдання стварыў польскі і беларускі мастак Эдвард Галустоў, які ўвасобіў у ілюстрацыі свае ўражанні ад рамана.

Аўтарка кнігі ганарыцца тым, што пра яе родную Берасцейшчыну прачытаюць англамоўныя замежныя чытачы:

«Мне здаецца, што супер-вынікам будзе, калі нехта з англамоўных чытачоў… уявіце: у Англіі, у Амерыцы або Індыі – захоча прыехаць у Брэст, каб паглядзець, дзе адбываліся дзеянні гэтага рамана… гэта будзе супер!»

Дагэтуль раман пра Брэст мелі магчымасць прачытаць, акрамя саміх беларусаў, толькі палякі і ўкраінцы. Бліжэйшым часам, паводле словаў пісьменніцы, таксама ўбачыць свет рускамоўнае выданне кнігі.

Аксана БРОВАЧ
Поделиться:

Добавить комментарий
Email: