
Сумясціўшы разам свае захапленні, дзяўчаты зрабілі відэа-блог “Берасцейская кухарачка”. Зараз канал змяшчае 9 навучальных відэа, па якіх можна прыгатаваць розныя стравы беларускай кухні — як святочныя, так і штодзённыя. Рэцэпты ўзятыя з кулінарнай кнігі “Літоўская кухарка”.
“Чаму менавіта “Літоўская кухарка”? Па-першае, гэта першая паўнавартасная беларуская кулінарная кніга. У свой час яна мела ашаламляльны поспех і з 1854 года шмат разоў перавыдавалася. Па-другое, гэта ўнікальны гістарычны дакумент, а кожны беларус мусіць ведаць сваю гісторыю”, — распавядае Вольга Талатынік.
Свой праект дзяўчаты таксама называюць унікальным. “Берасцейская кухарачка” — першы беларускамоўны кулінарны відэа-блог. У інтэрнеце можна знайсці падобныя відэарэцэпты страваў беларускай кухні, але, праўда, усе яны выключна на рускай мове.
Дзяліцца новымі кулінарнымі рэцэптамі сёстры Талатынік збіраюцца штотыдзень. Абнаўляцца канал будзе кожны чацверг.
Міхась ІЛЬІН, euroradio.fm