Калектыўная выстава «Як бы чаго не здарылася» будзе працаваць у Брэсце
30 ноября 2017 в 16:51 117
Экспазіцыя закране тэмы цэнзуры і самацэнзуры ў сучасным мастацтве, а ўдзел у праекце бяруць мастакі з Беларусі, Украіны і Расіі. Адкрыццё - 7 снежня ў Галерэі Прасторы КХ.

Паводле арганізатараў, экспазіцыю складуць працы, якія ці былі цэнзураваныя, ці засталіся непрэзентаванымі праз пэўныя асцярогі аўтараў, ці так або інакш звязаныя з дэклараванай тэмай. На адкрыцці можна будзе сустрэцца з удзельнікамі праекту, таксама чакаецца куратарская экскурсія.

«Як бы чаго не здарылася» – гэта доўгатэрміновы міжнародны праект, у межах якога пройдзе серыя імпрэзаў у розных гарадах і краінах. Адзін з важных яго элементаў – даследаванне праяваў цэнзуры і самацэнзуры, у тым ліку і ў лакальным кантэксце. На сёння выставы «Як бы чаго не здарылася» адбыліся ў Брайтане (Вялікая Брытанія) і Мінску.

кх-цензура.jpg

Выстава ўлучае працы ў такіх жанрах, як відэа, перформанс, фатаграфія і інш. І ў асноўным складаецца з твораў, якія выстаўляліся на папярэдняй выставе сэрыі ў Мінску. Да аўтараў, якія ўдзельнічалі ў праекце раней, гэтым разам далучыцца тэатр “Крылы Халопа”.

Выстава арганізавана сумесна з культурніцка-адукацыйным цэнтрам ЦЭХ у Мінску, які прымаў праект на сваёй пляцоўцы ў кастрычніку 2017 года і выступіў асноўным арганізатарам у Беларусі.

У выставе бяруць удзел: Віёла Андрушчук (RU), Безыменны калектыў (UA), Айдар Бекчынтаеў (RU), Тэатар Крылы Халопа (BY), Вадзім Ф. Лур’е (RU), Аляксей Навумчык (BY), Вольга Сасноўская (BY), Максім Яўстропаў (RU).

Куратары выставы – група {родина} (RU), Аня ПШ (UK), Радзі Калашнікоўскі (CZ), Аляксей Талстоў (BY).

Адкрыцце выставы прызначана на 7 снежня ў 19.00 у Галерэі Прасторы КХ (Брэст, вуліца Халтурына, 2/1). Уваход на адкрыццё вольны.

Выставу можна наведаць да 24 снежня.

Галерэя КХ працуе: чацвер-нядзеля - з 15.00 да 19.00.

Кошт уваходнага квітка: 2 рублі.

Тэлефоны для даведак: +(375)295251652, +(33)3083811.

Mybrest.by

Поделиться:

Добавить комментарий
Email: