«Гэта палітычнае пытанне». Чаму на Берасьцейшчыне бунтуе свінакомплекс (відэа)
6 июля 2018 в 11:48 80
У Іванаўскім раёне на мяжы закрыцця сьвінакомплекс «Сухое» на 45 тысяч галоў. Супрацоўнікі расказваюць, што тут ужо засталося менш за палову пагалоўя.

Свіней забіваюць спрэс, нават паросных сьвінаматак. Людзям патлумачылі, што на свінакамбінаце ад 11 чэрвеня карантын, аднак гэта не «афрыканская чума» і свінні здаровыя. Працаўнікі расказваюць, што на карантыне пагалоўе ніхто ня лечыць і ня корміць.

3.jpg

«На ўсё гэта немагчыма глядзець бяз слёз», - кажуць супрацоўнікі «Сухога».

Карэспандэнт Свабоды паразмаўляў каля свінакомплексу з некалькімі дзясяткамі працаўнікоў. Людзі кажуць, што на прадпрыемстве працуюць каля 270 чалавек, аднак цяпер многіх адпраўляюць у адпачынкі, у тым ліку і за свой кошт «па сямейных абставінах».

«Пра тое, што комплекс зачыняюць, нам ніхто не абвяшчаў. Працаўнікі свінакомплексу проста ўзнялі бунт, таму што пачалі выразаць пагалоўе», - кажа жанчына.

У праблемах свінакомплексу людзі вінавацяць Драгічынскі камбікормавы завод, да якога далучылі комплекс «Сухое».

«З 2006 да 2018 году ў нас змяніліся 11 кіраўнікоў. Комплекс перастаў даваць вынікі, стаў стратным...», - кажа працаўніца свінакомплексу.

1.jpg

«Грошай у рэканструкцыю ніхто не ўкладаў, свінакомплекс ішоў на дно. Ні на запчасткі, ні на медыкамэнты, ні на вакцыны, ні на бензін... На ўсё гэта грошы трэба было выпрошваць, таму што ўсе нашы грошы ішлі на рахункі Драгічынскага камбікормавага заводу. Паўтара года Драгічынскі камбікормавы завод у нашым жыцці ня ўдзельнічае ўвогуле. Таму што кармы нам пастаўляе пінскі завод. У нас з сакавіка ёсць антыкрызісны дырэктар, які займаецца вывадам прадпрыемства з крызісу. Нашаму раённаму кіраўніцтву трэба было біць трывогу, калі яны хомскі сьвінакомплекс распусцілі», - кажуць людзі.

Свінакомплекс «Сухое» існуе з 1982 году, тут разводзілі да 45 тысяч свіней. Цяпер, кажуць працаўнікі, засталося менш за палову ад гэтай колькасці, і свіней працягваюць вывозіць на мясакамбінаты.

У гэтым пераканаліся і карэспандэнты Свабоды - у момант прыезду журналістаў на жывёлавозы зганялі свіней.

2.jpg

Драгічынскі камбікормавы завод, да якога далучаны свінакомплекс «Сухое», перажывае не найлепшыя часы, бо ня можа разлічыцца з запазычанасцю. 21 чэрвеня эканамічны суд Берасьцейскай вобласці прызнаў завод «эканамічна недзеяздольным» і прызначыў план санацыі (фінансавага аздараўлення) да канца 2019 году.

Свабода спрабавала распытаць наконт перспэктываў свінакомплексу «Сухое» першага намесніка старшыні Іванаўскага райвыканкаму, начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы Аляксандра Маліча. Аднак той даваць каментар праз тэлефон адмовіўся.

«Прыяжджайце да мяне, усё распавяду, пакажу. Праз тэлефон нічога гаварыць ня буду, я вас ня бачу, ня ведаю, хто вы».

svaboda.org

Поделиться:

Добавить комментарий
Email: